Главная  >  Уборочная кампания — 2017
Уборочная кампания — 2017
11.08.2017
Працуюць на ўсе 100

Чацвёрты мільён тон збожжа ўжо збіраецца па Беларусі. Вобласці па сілах сваіх робяць свой уклад у агульны каравай. Робіць гэта і Магілёўшчына ў цэлым, і Слаўгарадчына ў прыватнасці. Спякота, дажджы вымушаюць хлебаробаў працаваць з максімальнай мабільнасцю і рэагаваць за хвіліны на ўмовы надвор’я.

З тым каб на свае вочы пабачыць цяжар хлеба сялянскага, наша група накіравалася ў ААТ “Урачанскі”. Прычым, наш рэйд выпаў на фінальны адрэзак светлавога дня. Што, на наш погляд, толькі рабіла яго больш цікавым.

Кіраўнік гаспадаркі Яўген Пасяленцаў гасцінна сустрэў нас на зернетаку каля васьмі гадзін з невялікім увечары. І, перасеўшы на ягоную “Ніву”, мы накіраваліся на палетак, дзе кіпела работа.
Калі мы дабраліся да месца, сонейка амаль схавалася за зубчаты край лесу, а месяц яшчэ не заняў свайго месца на небасхіле. Таму экіпажы камбайнераў гектар за гектарам жалі “залатое” калоссе. Перашкаджаць іхняй рабоце мы не сталі, а чакалі, калі на кабіне загарыцца святло сігнала, якое азначае, што бункер камбайна паўнёханькі і гатовы да разгрузкі. Да такіх сігналізатараў шпарка рухаецца аўтатэхніка, каб адвезці намалочанае на зернеток.

“У асноўным зерне ўжо гатовае да захавання, маю на ўвазе вільготнасць. Калі ідуць дажджы, вядомая справа, уборку мы спыняем. Але і прастойваць не маем права. Работа з’яўляецца для зернесушылак”, — каменціруе кіраўнік гаспадаркі.

Шэсць экіпажаў сёлета шчыруюць ва “Урачанскім”. Столькі ж адзінак тэхнікі занята на адвозцы зерня ад камбайнаў.
“На ўборцы ў нас занятыя толькі людзі правераныя, вопытныя. Таму ў яе якасці мы не сумняваемся. Але ж і кантролю не губляем”, — адзначае Яўген Пасяленцаў.
У гаспадарцы зроблена ўсё, каб нішто не перашкаджала ўборцы. Два  разы на дзень гарачае харчаванне прывозіцца на месца “баявых дзеянняў”.

Адзначу, што харчаванне ў гаспадарцы каштуе сімвалічных 50 капеек у дзень. Таварыства бярэ ўсе страты  на сябе. Спецыяльная вопратка, сродкі пажаратушэння, медыцынская аптэчка – усё выдадзена і кантралюецца  іхні стан.

Не з’яўляецца сакрэтнай у гаспадарцы і інфармацыя па ўмовах аплаты працы. На зернетаку маецца ў вольным доступе экран, на якім размешчаны вынікі працы  кожнага ўдзельніка жніва, яго заробак.
Штодзенна інфармацыя абнаўляецца. А пакуль мы вялі размову з кіраўніком  гаспадаркі, сонца зайшло, месяц крыху чырвонаваты ўзлез на неба. Але гэта ніякім чынам не паўплывала на падзеі на палетку. Толькі фары запаліліся, каб працаваць было лягчэй.

Як стала вядома, у гаспадарцы штодзень паляць баню, таму пасля цяжкага працоўнага дзянька змыць і стомленасць у тым ліку  ёсць дзе.
Удалося нам на хвіліну заняць увагу і галоўных герояў жніва – камбайнераў. Вопытныя хлопцы, Андрэй Агееў і Юрый Зарэцкі, у гаспадарцы на добрым рахунку. І калі першы з іх ужо ў дзявяты сезон шчыруе на камбайне, то другі – сямнаццаты. “Вось на такіх хлопцах і трымаецца вёска, сельская гаспадарка ўвогуле”, — падкрэслівае Яўген Пасяленцаў.

Дадае і галоўны аграном таварыства Уладзімір Фурсін: “Мы, лічы, убралі ўжо ячмень. На лепшых вучастках ураджайнасць склала каля 53 ц/га. За маю 31-гадовую практыку  ў гаспадарцы  — гэта лепшы вынік. Некаторыя культуры крыху горш. Але ўраджайнасць  сярэдняя праглядваецца каля 35-38 ц/га”. Аграном адзначыў, што ўраджайнасць – вынік цэлага комплекса работ, прынцыповага прытрымлівання тэхналагічных нормаў і патрабаванняў.

“На ўраджай сёння мы пачалі працаваць яшчэ з восені мінулагодняй. Падрыхтаваць глебу, адсеяцца, падкарміць хлеб, захаваць – гэта не проста. Але, калі мы ў гаспадарцы ідзём па адным шляху і ў адным накірунку – справа будзе мець пэўны  вынік”, — кажа Яўген Пасяленцаў.

Цемра паступова брала ўладу, мы  пакідалі зернеток. Пакідалі з пачуццём некаторай стомленасці, але  задаволенымі, што на абароне нашай харчовай бяспекі, як бы гэта  пафасна ні гучала, стаяць такія хлопцы-рабацягі. Значыць і будучыня ў нас з вамі ёсць.

Р. S. Больш інфармацыі і здымкаў знойдзіце на сайце нашага выдання. Чакае чытача там і відэасправаздача рэйду.
Бавіў вечар з хлебаробамі Уладзімір РЫЖАНКОЎ.
Фота аўтара.

Все новости рубрики