Главная  >  Уборочная кампания — 2017
Уборочная кампания — 2017
25.08.2017
Мацуюць дабрабыт краіны!

Жніво-2017 у самым разгары. Шосты мільён тон збожжа ўжо сабраны па краіне. Але зрабіць яшчэ трэба нямала.

Не забытыя і людзі, чыімі рукамі гартуецца харчовая бяспека краіны. У тым ліку шануюць перадавікоў жніва  і на Слаўгарадчыне.

У мінулую нядзелю старшыня абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса Віктар Гейдэль  завітаў з урачыстай місіяй на Слаўгарадчыну. Машыністы  зернесушылкі Віктар Шусцікаў і ягоны калега Анатоль Быкаў з ААТ “Прывольны агра” на той дзень высушылі і ачысцілі больш за тысячу тон збожжа. На ўчарашні дзень гэтая лічба наблізілася да 1200 тон.
Віктар Эдвардавіч павіншаваў работнікаў-перадавікоў таварыства.

“У “Прывольнага” вялікі патэнцыял, адсюль і вынікі яўныя”, — падкрэсліў кіраўнік абкама прафсаюзаў. Ён звярнуў увагу кіраўніка “Прывольнага” Таццяны Кухаравай  на неабходнасць прынцыпова выконваць правілы тэхнікі бяспекі на ўсіх накірунках работ. “Тэхніка павінна мець вогнетушыцелі, медыцынскія  аптэчкі і гэтак далей”,—падкрэсліў Віктар Эдвардавіч. На забеспячэнні гарачым харчаваннем, яго якасці  ён таксама засяродзіў увагу прысутных. Санітарныя  нормы і патрабаванні пры гатоўцы ежы – абавязковыя да выканання. Мы павінны  чалавеку даць якаснае і бяспечнае харчаванне”, — адзначыў ён.

КСУП ”Заранскі” быў наступным на маршруце дэлегацыі. Там сваіх, так бы мовіць, лаўраў чакаў уборачны экіпаж у складзе Генадзя Суворава і Аляксандра Шорнікава. Гэты дуэт перайшоў па намалоце тысячны рубеж і стаў лідарам па гаспадарцы і раёне на той дзень увогуле. Сваё заслужанае атрымаў кожны з іх.
Больш за дзве тысячы, а дакладней 2325 тон зерня і рапса на ўчарашні дзень перавёз ад камбайнаў Аляксандр Караткоў. Ён таксама  атрымаў порцыю слоў удзячнасці і матэрыяльны дадатак у выглядзе грашовай прэміі.
Святлана Дзенісенка, старшыня  раённага аб’яднання прафсаюзаў, якая таксама прымала ўдзел ва  ўзнагароджванні, цікавілася, ці ў поўным аб’ёме працаўнікі азнаёмлены з умовамі аплаты працы, ці маюць магчымасць пасля  працоўнага дня наведаць лазню, адпачыць. Атрымаўшы станоўчыя адказы, госці дазваляюць працаўнікам зноў сесці за штурвал камбайна і аўтамабіля.

Старшыня райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі ў мінулы аўторак працягнуў працэдуру шанавання перадавікоў жніва і наведаў зноў-такі  ААТ “Прывольны агра”, дзе тысячу тон і ўжо болей на ўчарашні дзень намалаціў Генадзь Антонаў.

Кіраўнік раёна падзякаваў  камбайнера, ягонага памочніка з такімі вынікамі і выказаў упэўненасць, што іх чакаюць яшчэ шматлікія  перамогі, як на ніве ўборачнай кампаніі, так і па жыцці.
Вышэйназваны ўборачны экіпаж  Суворова-Шорнікава не пазбег і віншавання Канстанціна Аляксандравіча. Ён падкрэсліў, што вопыт і веды камбайнера, энергія і здаровыя амбіцыі ягонага памочніка здольныя дапамагчы дасягнуць неверагодных перамог. Застаецца толькі не зніжаць тэмпа і каб нябесная канцылярыя дала пагодлівыя дзянькі.

Але не толькі ўрачыстасцю абмежаваўся візіт кіраўніка раёна ў Слаўню, дзе шчыравалі хлебаробы. Наведалі мы і мясцовую краму, месца  традыцыйнае для незапланаваных сустрэч актыва вёскі. Было так і ў той дзень. Бабулькі пазналі госця адразу, таму без прэлюдый перайшлі да размовы па сутнасці: папрасілі  жанчыны пасадзейнічаць ва ўборцы зерня на сваіх участках. Пытанне было вырашана  літаральна адразу. Таму размова далей пайшла хутчэй “ за жыццё”, асартымент і якасць абслугоўвання ў краме. Агульны настрой “аўдыторыі” магу з упэўненасцю назваць станоўчым. З добрым настроем мы пакінулі “лобнае месца” Слаўні і накіраваліся на другі стратэгічны для раёна аб’ект – будоўлю новага свінакомплекса – у Перагон. Упэўнены, не кожны нават уяўляе памеры будоўлі: паверце, яны ўражваюць. Кіраўнік раёна адзначыў, што для раёна гэты новабуд вельмі важны. У тым ліку і на новых працоўных месцах, іх чакаецца каля  шасцідзесяці. Занята на новабудзе  і наша ПМК-274, што дае магчымасць  зарабіць прадпрыемству.

Па дарозе ў Слаўгарад Канстанцін Аляксандравіч вёў размову пра  перспектывы раёна. Забягаючы наперад, скажу – яны вельмі і вельмі неблагія. Прычым размова ідзе пра самыя бліжэйшыя тэрміны. Але аб гэтым, як кажуць, пагаворым у свой час.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.
Фота аўтара.

Все новости рубрики